Крэдыторская запазычанасць беларускіх прадпрыемстваў пабіла гістарычны рэкорд
Самая высокая крэдыторская запазычанасць у прадпрыемстваў Мінска / pixabay.com, фота носіць ілюстрацыйны характар
Крэдыторская запазычанасць буйных і сярэдніх прадпрыемстваў Беларусі да 1 кастрычніка перавысіла 67,9 мільярдаў рублёў. Гэта гістарычны рэкорд, максімальны паказчык запазычанасці за перыяд вымярэнняў па прынятай у краіне методыцы, адзначае рэсурс banki24.by.
Рэсурс нагадвае, што крэдыторская запазычанасць — гэта абавязанні кампаній перад партнёрамі за пастаўленую прадукцыю, аказаныя паслугі і выкананыя работы. У гэтую суму таксама ўваходзяіць даўгі адміністрацыі прадпрыемства па зарплаце і па плацяжах у бюджэт.
За 9 месяцаў памер крэдыторскай запазычанасці вырас на 10,4%. Гэта амаль столькі ж, колькі за ўвесь 2019. Тады рост запазычанасці склаў 10,8% , у 2018-м гэты паказчык склаў 8,1%.
Больш за ўсё завінаваціліся крэдыторам прадпрыемствы Мінска — 22,3 мільярда рублёў. А хутчэй за ўсё даўгі нарошчвалі ў Гродзенскай вобласці, тут крэдыторская запазычанасць за 9 месяцаў павялічылася на 60,8% да 8,1 мільярда рублёў.
Сярод галін эканомікі самую буйную крэдыторку паказала прамысловасць — 28 млрд рублёў, плюс 16,1% да пачатку года. І гэта таксама рэкорд. "Лідарам" сярод прамысловых прадпрыемстваў па аб'ёме крэдыторкі сталі прадпрыемствы апрацоўчай галіны. На іх долю прыпадае больш за 22 мільярды рублёў даўгоў (з агульных 28 мільярдаў).