Кіраўнік МЗС Украіны выказаў здагадку, калі могуць пачацца перамовы з Расіяй
Аляксей Кулеба / @OleksiyKuleba
Перамовы Украіны з Расіяй могуць адбыцца пасля мірнага саміту ў Швейцарыі. Пра гэта ў інтэрв'ю выданню Foreign Policy заявіў кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба. Але спярша, з ягоных слоў, павінна быць сфармаваная кааліцыя краінаў, якія б падтрымалі ўмовы, прапанаваныя ўкраінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім. Іх сутнасць: вывад расійскіх войскаў з краіны і вяртанне да межаў 1991 года. Пасля гэтага Украіна будзе гатовая да перамоваў.
Стварэнне такой кааліцыі будзе абмяркоўвацца на Глабальным саміце міру, які 15-16 чэрвеня пройдзе ў Швейцарыі. Расію на гэтую сустрэчу не запрасілі.
"Няма сэнсу трымаць Расію за сталом перамоваў, калі вы не можаце гарантаваць, што яна дзейнічае добрасумленна", — адзначыў Кулеба. Паводле яго, ёсць толькі два спосабы прымусіць Расію дзейнічаць добрасумленна. Першы — гэта поспех на полі бою, а другі — наяўнасць кааліцыі краінаў.
"Мы ведаем, што няма сэнсу саджаць Расію за стол перамоваў, калі вы не можаце дамагчыся ад яе добрасумленных дзеянняў... Мэта гэтага саміту — аб'яднаць краіны, што падзяляюць прынцыпы і падыходы, на аснове якіх будуць будаваць далейшыя дзеянні", — адзначыў міністр. Пры гэтым ён пагадзіўся, што канец вайне нельга пакласці без удзелу абодвух бакоў супрацьстаяння.
Глабальны саміт міру ў Швейцарыі арганізаваны з ініцыятывы Кіева. У сярэдзіне красавіку на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін паскардзіўся, што Расію на гэтую сустрэчу не запрасілі. Ён таксама заявіў, што Масква гатовая да перамоваў па Украіне, але на сваіх умовах.