Хто ёсць хто на выбарах прэзідэнта Польшчы і як яны ставяцца да беларусаў

Выбары ў Польшчы / Euroradio
18 траўня ў Польшчы пройдзе першы тур выбараў прэзідэнта. На гэты пост прэтэндуюць 13 кандыдатаў. Сярод іх ёсць як вядомыя дзейныя палітыкі так і людзі, якія толькі ўскочылі ў гульню. Таксама гэтыя 13 чалавек знаходзяцца на ўсім спектры палітычных поглядаў — ад самых левых да самых правых.
Ёсць некалькі вынікаў апытанняў, якія, груба кажучы, не паказваюць вялікіх ваганняў. Напрыклад, апытанка Інстытута даследаванняў Pollster для выдання Super Express выглядае наступным чынам:
- 33% — Рафал Тшаскоўскі
- 25% — Караль Наўроцкі
- 15% — Славамір Ментцэн
- 7% — Шыман Галоўня
- 6% — Адрыян Зандберг
- 4% — Магдалена Беят
- 4% — Гжэгаж Браўн
- па 2% — Кшыштаф Станоўскі, Артур Барташэвіч
- па 1% — Марэк Якубяк, Ёанна Сэнышын, Марэк Вох, Мацей Мацяк
За апошнія гады каля дзесяці тысяч беларусаў атрымалі польскае грамадзянства і змогуць аддаць свой голас на польскіх выбарах.
Еўрарадыё звярнулася да сямёркі лідараў апытанняў каб даведацца, якую палітыку ў дачыненні да Беларусі і беларусаў можна чакаць ад іх на прэзідэнцкай пасадзе.
Рафал Тшаскоўскі
Цяперашні мэр Варшавы і кандыдат ад папулярнай партыі “Грамадзянская Платформа” ні раз выказваў сваю падтрымку беларусам, беларускай дыспары, сустракаўся з прадстаўнікамі дэмсілаў. Тшаскоўскі ўжо ўдзельнічаў у выбарах і зусім няшмат саступіў Анджэю Дуду. Што праўда, на ліст Еўрарадыё з удакладненнем пазіцыі яго штаб не адказаў.
Od 9.08.2020, kiedy odbyły się sfałszowane wybory prezydenckie, na Białorusi trwają protesty. Mimo zatrzymań, tortur, a nawet przypadków śmiertelnych, Białorusinki i Białorusini wciąż walczą o godność, wolność i demokrację. Jesteśmy z Wami. @warszawa jest z Wami. #ЖывеБеларусь! pic.twitter.com/jukobyvRUO
— Rafał Trzaskowski (@trzaskowski_) February 7, 2021
Караль Наўроцкі
Доктарт гістарычных навук, былы кіраўнік польскага Інстытута Нацыянальнай Памяці з’яўляецца кандыдытам ад былой кіроўнай партыі “Закон і справядлівасць”. Нічога на тэму беларусаў і Лукашэнкі не выказваў, але падчас мінулагодняй размовы ў Любліне закрануў пытанні “падтрымкі палякаў, якія жывуць за межамі краіны, асабліва тых, хто падвяргаецца рэпрэсіям у Беларусі”. На зварот Еўрарадыё выбарчы штаб Наўроцкага таксама не адказаў.
Славамір Мэнтцэн
Правы лібертарыянец, які скарае маладзёнаў у Tiktok і абяцае знізіць падаткі, танную энергію, надзейна ахоўныя межы, моцнае войска і асертыўную знешнюю палітыку (то бок узмацніць пазіцыю Польшчы ў міжнародных адносінах). Таксама Мэнтцэн выступае супраць далучэння Украіны да ЕС. Ягоны штаб таксама праігнараваў пытанні пра стаўленне да беларусаў.

Шыман Галоўня
Сённяшні спікер польскага парламента ўдзельнічае ў гонцы ўжо другі раз. Яшчэ ў 2020 годзе падчас беларускіх выбараў выказваў сваю падтрымку беларусам. У адказе для Еўрарадыё штаб Галоўні падкрэсліў, што да палітыкі адносна Беларусі ставіцца з вялікай увагай.
“Калі яго абяруць прэзідэнтам, ён будзе паслядоўна падтрымліваць дэмакратычныя памкненні беларусак і беларусаў, а таксама супрацоўнічаць з беларусай грамадскай супольнасцю — як у краіне, так і ў эміграцыі, у тым ліку, безумоўна, і ў Польшчы.
Шыман Галоўня неаднаразова падкрэсліваў, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі не можа быць партнёрам у паўнавартасным міжнародным дыялогу, пакуль ён парушае правы чалавека і не вызваліў палітвязняў. Адначасова Польшча — як сусед Беларусі і дом для многіх яе грамадзян — павінна весці разумную, адказную і салідарную ўсходнюю палітыку.
Прэзідэнцтва Шымана Галоўні стала б працягам гэтых каштоўнасцяў: свабоды, дэмакратыі і падтрымкі тых, хто іх пазбаўлены. Мы цэнім, што значная частка беларускай супольнасці ў Польшчы ўдзельнічае ў грамадскім жыцці і возьме ўдзел у будучых выбарах. Гэта голас, які мае значэнне”, — адказалі прадстаўнікі Галоўні.

Адрыян Зандберг
Левая партыя “Разам”, лідарам якой з’яўляецца кандыдат, нагадала Еўрарадыё, што ўжо шмат гадоў “займае крытычную пазіцыю адносна рэжыму Лукашэнкі і падтрымлівае дзеянні, скіраваныя на дэмакратызацыю Беларусі”.
У 2020 годзе партыя выступіла з пазіцыяй у падтрымку апазіцыйных сіл, у 2021-ым — “заклікала рэжым выпусціць Рамана Пратасевіча, а таксама іншых палітвязняў, у тым ліку, Анжаліку Борыс, Анджэя Пачобута, Марыю Цішкоўскую і Ірэну Бернацкую”.
У апошняй заяве партыі яшчэ ішла гаворка пра прызнанне дзеянняў рэжыму Лукашэнкі дзяржаўным тэрарызмам, правядзенне міжнароднага расследавання і прыцягнення да адказнасці тых, хто вінаваты ў захопе самалёта; пашырэнне санкцый у дачыненні да Беларусі, асабліва да прадстаўнікоў рэжыму і г.д.
“Партыя займае крытычную пазіцыю адносна дзеянняў рэжыму Лукашэнкі на польска-беларускай мяжы, якія заключаюцца ў інструменталізацыі чалавечых пакут з мэтай выклікання гуманітарнага крызісу. Мы таксама асуджаем дзеянні польскіх службаў, якія замест таго, каб затрымліваць асоб, што перасякаюць мяжу, і разглядаць іх хадайніцтвы аб прытулку, ужываюць незаконныя “пушбэкі”, — падкрэслілі ў штабе.
У 2022 годзе, пасля пачатку паўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, партыя “Разам” асудзіла агрэсію і заклікала да ўвядзення санкцый супраць расійскіх і беларускіх банкаў, алігархаў, афіцэраў і высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў.
“Мы таксама высока цэнім антываенныя дзеянні апазіцыі ў гэтых краінах”, — адказаў штаб Зандберга.

Магдалена Беят
Яшчэ адна маладая кандыдатка ад левых таксама падкрэсліла Еўрарадыё, што будзе захоўваць існуючае адрозненне грамадзянаў Беларусі ад рэжыму Лукашэнкі, а таксама пакіне ў сіле цяперашнія механізмы падтрымкі дэмакратычных сіл Беларусі і беларускай дыяспары ў Польшчы.
“Знешнюю палітыку Польшчы вядзе ўрад. Я буду супрацоўнічаць з урадам у галіне палітыкі ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь. Я не бачу неабходнасці кардынальна змяняць цяперашнюю палітыку”, — адказала кандыдатка Еўрарадыё.

Гжэгаж Браўн
Самы скандальны польскі кандыдат у прэзідэнты (крытык дэмакратыі, антысеміт, які выступае за абсалютную забарону абортаў і г.д.) сам паразмаўляў з Еўрарадыё па тэлефоне. У размове ён падкрэсліў, што “з’яўляецца, мабыць, адзіным кандыдатам на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Польшча з усіх, хто бярэ ўдзел у гэтых выбарах, які ўжо даволі доўгі час выкладае сваю праграму нармалізацыі адносін з Беларуссю”.
Сярод праблем ён называе сітуацію на польска-беларускай мяжы і пераслед палякаў у Беларусі. На ягоную думку, трэба “перапрацаваць гэтыя пытанні і вярнуць польска-беларускія адносіны да нармальнага стану”, а для вырашэння — хопіць дыпламатыі.
Браўн выступае радыкальна супраць “Зялёнага курсу” ЕС, таму хоча наладзіць сувязі з Беларуссю, каб супрацоўнічаць у галіне электраэнергетыкі.
Удакладняем, ці спадар Браўн пасціснуў бы руку Лукашэнку, нягледзячы на цяпершанія праблемы Беларусі і Польшчы?
У адказ прагучала, што ён выказваў сваю заклапочанасць усімі гэтымі пытаннямі, у тым ліку, лёсам канкрэтных зняволеных, “бо мы маем евангельскую запаведзь — клапаціцца пра вязняў, і я гэтую заклапочанасць праяўляю, але хачу падкрэсліць, што перакананы: воля моцнага палітычнага лідарства з абодвух бакоў можа лёгка і хутка пераадолець усе перашкоды”.
Таксама палітык распавёў, што бачыць “сігналы, што сведчаць пра поўнае разуменне гэтай сітуацыі з боку беларускага кіраўніцтва, вельмі пазітыўныя сігналы”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.