Камісію па выяўленні экстрэмізму ў інфармацыі можа ўзначаліць Лілія Ананіч

Лілія Ананіч / facebook.com/ananichls
Лілія Ананіч — былы міністр інфармацыі, а цяпер дэпутат Палаты прадстаўнікоў — можа ўзначаліць камісію па выяўленні прыкмет экстрэмізму ў інфармацыйнай прадукцыі. Склад камісіі зацверджаны пастановай Савета міністра. Тэкст дакумента з'явіўся на Нацыянальным прававым партале.
У складзе камісіі 20 чалавек. Акрамя філолагаў, сацыёлагаў і гісторыкаў, у яе ўвайшлі намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі, а таксама прадстаўнікі СК, МУС, КДБ, памежнага і мытнага камітэтаў.
Насупраць прозвішча Ананіч як кіраўніка камісіі пазначана — "з яе згоды".
Раней камісію ўзначальвала дырэктар "Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі" Алена Іванова.
У Беларусі ў апошні час актывізаваліся размовы аб праявах экстрэмізму. Генпракуратура рыхтуе рашэнне аб прызнанні экстрэмісцкім бел-чырвона-белага сцяга. Акрамя таго, улады анансавалі ўзмацненне адказнасці за праявы экстрэмізму. Калі папраўкі ў заканадаўства ўнясуць, то фігурантамі крымінальных спраў стануць не толькі арганізатары экстрэмісцкіх фарміраванняў, але і "асобы, якія аказваюць садзейнічанне", у тым ліку распаўсюджваюць экстрэмісцкія погляды і сімволіку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.