Каля Дома ўрада ўзарваўся мікрааўтобус
На здымках "Авеля" адбыўся не бутафорскі, а сапраўдны выбух.
Такую версію вылучае "Комсомольская правда". Здарэнне адбылося 1 лютага на плошчы Незалежнасці. Падчас падрыхтоўкі да здымкаў масавай сцэны скандальнага фільма "Авель" выбухнуў і згарэў мікрааўтобус, які належыць здымачнай групе.
Спярша выратавальнікі паведамілі, што прычынай выбуху і ўзгарання стала няспраўнасць газавага абсталявання. У афіцыйным twitter-акаўнце Міністэрства па надзвычайных сітуацыях паведамлялася, што пацярпеў кіроўца: ён атрымаў баратраўмы.
Пазней прадзюсар фільма "Авель" Сяргей Ждановіч заявіў, што выбух і пажар былі бутафорскімі і пры гэтым ніхто не пацярпеў. Прэс-служба МНС пацвердзіла гэтую версію.
Праўда, чальцы здымачнай групы з такой пазіцыяй катэгарычна не згодныя і кажуць, што выбух быў сапраўдным. Журналісты паведамляюць, што імя пацярпелага кіроўцы — Аляксандр Лазар. У базе звестак хуткай дапамогі сапраўды зафіксаваны такі выклік. У пацярпелага медыкі зафіксавалі пераломы, апёкі, страсенне мозгу і атручанне газападобнымі рэчывамі. Яго даставілі ў Мінскую гарадскую лякарню хуткай дапамогі.
Фота — kp.by