Каля Чырвонага касцёла ў Мінску адбыўся акт вандалізму

Вандалізм каля Чырвонага касцёла ў Мінску / katolik.life
Акт вандалізму адбыўся каля Чырвонага касцёла ў Мінску. Будынак ужо больш за два з паловай гады зачынены пад нагодай рамонту.
Як піша katolik.life, невядомы парэзаў нажом абраз Езуса Міласэрнага, які ў выглядзе банэра размяшчаецца каля ганка касцёла. У парафіі заўважылі пашкоджанне абраза і змацавалі, але сляды блюзнерства засталіся.
Бачна, што невядомыя зрабілі надрэз у ніжнім правым куце банэра. Самыя вялікія пашкоджанні нанесеныя каля аблічча Ісуса — магчыма, зламыснікі спрабавалі адрэзаць малюнак.
Невядома, калі адбыўся акт вандалізму. На фатаграфіях турыстаў бачна, што як мінімум у сярэдзіне лютага пашкоджанні ўжо былі. Але вядома пра акт вандалізму стала толькі цяпер. Міліцыя нічога не паведамлялі ні пра інцыдэнт, ні пра тое, ці ідзе нейкае расследаванне.
Дарэчы, сам банэр разам з іншымі абразамі размясціў яшчэ ранейшы пробашч парафіі ксёндз Уладзіслаў Завальнюк. Яны прымацаваныя на канструкцыі, якую вянчае фігура святога Яна Паўла II.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.