Каля 100 беларускіх добраахвотнікаў загінулі ў баях супраць Расіі
Каліноўцы, ілюстрацыйнае фота / t.me/KalinouskiPolk
У баях супраць расійскіх акупантаў ва Украіне загінулі каля сотні беларусаў. Такую колькасць назвала кіраўніца місіі дэмсіл у Кіеве Святлана Шаціліна ў эфіры радыё KyivFM. Раней у СМІ паведамлялася, што ў баях за Украіну загінулі каля 70 нашых суайчыннікаў.
Паводле яе, беларусы ідуць абараняць Украіну дзеля таго, каб абараніць Беларусь. "Мы дакладна разумеем, што без свабоднай, дэмакратычнай, незалежнай Украіны немагчымая свабодная, дэмакратычная, праеўрапейская Беларусь. І што асноўны фактар, які штурхае беларусаў ісці ў добраахвотнікі, — гэта ідэалагічны фактар", — перадае словы Шацілінай прэс-служба Аб’яднанага пераходнага кабінета.
Яна нагадала, што беларусаў, якія ідуць ваяваць за Украіну, рэжым Лукашэнкі расцэньвае як тэрарыстаў, што пагражае ім смяротным пакараннем на радзіме. "І яго родныя, якія застаюцца ў Беларусі, аўтаматычна з’яўляюцца людзьмі, да якіх могуць прыйсці хлопцы з ведамства з трох літар", — адзначыла Шаціліна.
Кіраўніца місіі дэмсіл падзякавала кожнаму беларусу і кожнай маці добраахвотнікаў, якія сталі на абарону Украіны. Яна паведаміла, што сама з'яўляецца такой маці: "Але я тут, у бяспечных умовах, а што адчувае мама, якая павінна быць там, у Беларусі, разумеючы, што ў любую хвіліну да яе могуць прыйсці? Нізкі паклон, і хацелася б, каб украінскае грамадства вось менавіта гэта разумела, што для нас гэта небяспека ў кубе, напэўна".
Пры гэтым яна нагадала, што беларускія добраахвотнікі ва Украіне па-ранейшаму маюць праблемы ў прававым і фінансавым плане. Шаціліна выказала надзею, што Вярхоўная Рада Украіны зменіць гэтую сітуацыю.