Хатнія каты сталі прычынай больш сотні пажараў у Сеуле
Кот на пліце / партал "Кот, пёс и я"
За апошнія тры гады хатнія каты сталі прычынай 107 пажараў у Сеуле, піша CNN са спасылкай на пажарную службу сталіцы Паўднёвай Карэі.
Па словах ратавальнікаў, часцей за ўсё пажары здараюцца, калі каты скачуць на электрапліту. Яны націскаюць адчувальныя кнопкі прылады, яна пераграваецца і можа загарэцца. Палова пажараў з удзелам катоў адбыліся, калі гаспадароў не было дома. З-за такіх пажараў пацярпелі 4 чалавекі.
Сеульскія пажарныя сцвярджаюць, што апошнія гады пажараў, выкліканых хатнімі жывёламі, стала больш. Напрыклад, у 2016 годзе жывёлы сталі прычынай васьмі пажараў, а са студзеня па верасень 2019-га — 31-го! Пры чым часцей за ўсё вінаватымі ў пажарах становяцца менавіта каты.
Праблема пажараў з-за катоў актуальная таксама і ў ЗША. Па дадзеных Амерыканскай гуманнай асацыяцыі, хатнія жывёлы сталі прычынай каля 1000 пажараў. У арганізацыі раяць прывучаць коцікаў не заскокваць на пліты.