Хакеісты гродзенскага “Нёмана” выйгралі Кантынентальны кубак

10 студзеня “Нёман” у другім туры вырашальнага этапу Кантынентальнага кубка перамог на выездзе нямецкі “Брэменсхафен” — 6:2 (2:0, 3:1, 1:1). Такім чынам, клуб забяспечыў сабе першае месца яшчэ да заканчэння спаборніцтваў. Раней гродзенцы перамаглі французскі “Анжэ” (5:0). Іх яшчэ чакае матч з казахстанскім “Ертыс Паўладар”, але гэтая сустрэча ўжо не мае турнірнага значэння.

Беларуская каманда гуляла ў складзе: Саманькоў; Коршунаў — Семан, Я.Сцяпанаў — А.Осіпаў — Баярчук; А.Мядзведзеў — Назарэвіч, А.Маляўка — Крыстэк — С.Маляўка; Багалейшаў — Капылец, Ластавецкі — У.Міхайлаў — Корсакаў; Лісічкін — Шырокаў — С.Хамкоў; Панцыраў, Мядзель.

Шайбамі ў нашых хакеістаў адзначыліся: Вячаслаў Лісічкін, Уладзімір Міхайлаў, Яраслаў Крыстэк (дубль), Андрей Коршунаў, Сяргей Маляўка.

У папярэднія гады “Нёман” пяць разоў выступаў на розных стадыях Кантынентальнага кубка, але ніколі не прабіваўся ў квартэт наймацнейшых дружын, нагадвае БЕЛТА.