Гіркіна (Стралкова) за крытыку ўладаў Расіі звольнілі з працы
Камандзір групы расійскіх дыверсантаў у Крыме і на Данбасе ў 2014-м, палкоўнік ФСБ у адстаўцы Ігар Гіркін (Стралкоў) заявіў, што яго пакаралі за крытыку расійскіх уладаў. "Я за сваю крытыку ўлады з працы вылецеў на мінулым тыдні", — сказаў ён у сваім апошнім інтэрв'ю. Працаваў ён у нейкай прыватнай кампаніі. У 2020-м Гіркіна ўжо звальнялі з іншай кампаніі, паколькі не хацелі рызыкаваць дзеля яго "усёй фірмай з сотнямі супрацоўнікаў".
Ігар Гіркін шмат гадоў крытыкаваў улады Расіі за іх палітыку на Данбасе. Пасля пачатку вайны ў лютым 2022-га ён крытычна выказваецца пра так званую "спецаперацыю", пра рашэнні Уладзіміра Пуціна і міністра абароны Сяргея Шайгу. Нярэдка выказванні Гіркіна выкарыстоўвае ўкраінская прапаганда. Расійскія прапагандысты апошнім часам пачалі называць Ігара Гіркіна "здраднікам", з'явіліся чуткі пра яго магчымы арышт.