Генеральны пракурор адрэагаваў на адкрыты ліст Класкоўскага
У лісце, напісаным па-беларуску, паведамляецца, што ў ходзе праведзенай праверкі Класкоўскі скаргі не выказваў.
Генеральны пракурор Рыгор Васілевіч адрэагаваў на адкрыты ліст бацькі Аляксандра Класкоўскага, арыштаванага па справе 19 снежня, паведамляе БелаПАН.
Ліст Аляксандра Класкоўскага-старэйшага быў надрукаваны 11 сакавіка ў газеце "Народная воля". У ім вядомы журналіст і палітолаг патрабаваў забяспечыць сыну выкананне яго законных правоў: нармальнае ліставанне, магчымасць спаткацца з блізкімі сваякамі, сустрэчы сам-насам з адвакатам.
15 сакавіка адвакат Ірына Бурак атрымала магчымасць упершыню сустрэцца сам-насам са сваім падабаронным, а 22 сакавіка бацька арыштаванага атрымаў адказ ад Васілевіча, датаваны 18 сакавіка.
У лісце, напісаным па-беларуску, паведамляецца, што ў ходзе праведзенай праверкі Класкоўскі скаргі на ўмовы і парадак утрымання ў следчым ізалятары КДБ, а таксама на дзеянні супрацоўнікаў органаў дзяржбяспекі не выказваў.
"Стан здароўя Класкоўскага А.А. здавальняючы, па медыцынскую дапамогу ён звяртаўся толькі адзін раз, — піша генеральны пракурор. — Пасля агляду ўрачом яму была аказана кваліфікаваная медычная дапамога, болей на стан здароўя ён не скардзіўся."
Васілевіч паведаміў, што на адрас старшыні КДБ накіраваў ліст "аб адшуканні дадатковых магчымасцяў для забеспячэння правоў асоб, якія ўтрымліваюцца ў следчым ізалятары КДБ Рэспублікі Беларусь, на абарону". Ён нагадаў, што "адвакат Бурак І.С. сустракалася з Класкоўскім А.А. 15.03.2011 у следчым ізалятары КДБ".
Каб вырашыць пытанне аб спатканні з сынам, Васілевіч прапануе аўтару адкрытага ліста "звярнуцца да начальніка аддзела СУПР ГУУС Мінгарвыканкама Сукалы А.М., у вытворчасці якога знаходзіцца справа".