Гамяльчук перавозіў паўкіло спайсу ў валёнку

Пасажыр аўтамабіля з беларускімі нумарамі вёз з сабой валёнак з паўкіло спайсу, піша сайт odsgomel.org са спасылкай на смаленскую паліцыю.



Паведамляецца, што 26 сакавіка дарожны інспектар спыніў для праверкі дакументаў аўтамабіль з беларускімі рэгістрацыйнымі знакамі, якая ехаў у бок Масквы. Пасажыр, які сядзеў на пярэднім сядзенні, прыкметна занерваваўся. Гэта выклікала падазрэнне ў паліцэйскіх, і паліцэйскія вырашылі даглядзець аўтамабіль.



У багажніку машыны ляжалі валёнкі. У адным з іх быў знойдзены вялікі поліэтыленавы пакет. У пакеце ляжаў папяровы скрутак, у якім знаходзіліся 10 пакуначкаў з рэчывам зялёнага колеру. Экспертыза паказала, што гэта розныя віды спайсу агульнай масай каля паўкілаграма. Непрацуючы 24 гадовы гамяльчук заявіў, што набыў спайс для ўласнага ўжывання.



Яго затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. На нашага суайчынніка пачалі крымінальную справу за незаконнае набыццё, захоўванне і перавозку без мэты збыту наркатычных сродкаў у буйным памеры. Гамельчуку пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў.



Фота — handmade-russia.com