Гамяльчаніна са "спісу тэрарыстаў" выявілі сярод расійскіх наймітаў ва Украіне

Аляксандр Вітухноўскі

Аляксандр Вітухноўскі / калаж "Флагштока"

Гамяльчанін, якога раней прызналі палітвязнем, аказаўся ў спісе расійскіх наёмнікаў ва Украіне. Яго імя выявілі ў спісе грамадзян Беларусі, якія паступілі ў расійскае войска.

Украінскі праект "Хачу жыць" паведаміў, што ў складзе расійскага войска на пачатку 2025 года было як мінімум 742 чалавекі з пашпартамі Беларусі. Выданне "Флагшток" папрасіла "Кіберпартызанаў" выбраць з гэтага спісу людзей, прапісаных у Гомельскай вобласці. Іх аказалася 112 чалавек.

Сярод іх — Аляксандр Вітухноўскі. Яго імя, прозвішча і дата нараджэння цалкам супадаюць з данымі 24-гадовага былога палітвязня.

Вітухноўскага асудзілі 25 кастрычніка 2023 года паводле трох палітычна матываваных артыкулаў — "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх", распальванне варожасці і абраза Лукашэнкі. Прысуд Вітухноўскаму невядомы, але хлопец дастаткова хутка апынуўся на волі. Ужо праз паўгода пошукавы атрад "Сімуран" паведамляў, што 10 траўня 2024 года Аляксандр сышоў з дому і знік. Праз два дні з'явілася паведамленне, што міліцыянты знайшлі гамяльчаніна і з ім усё ў парадку.

З тых часоў пра Вітухноўскага было не чуваць. У сацсетках журналісты "Флагштока" знайшлі яго сэлфі ад 24 чэрвеня 2024 года і размыты здымак чалавека ў абмундзіраванні, падобнага на пяхотніка, са спіны ад 4 лістапада 2024-га. У сеціве ён не з'яўляўся ўжо даўно.

Тым часам стала вядома, што ў студзені 2024 года МУС унёс гамяльчаніна ў "спіс экстрэмістаў", а КДБ — у "спіс тэрарыстаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.