Галоўчанка пра санкцыі: разглядаем пытанні, якія супярэчаць заканадаўству
Сілавікі старанна канспектуюць выступ Рамана Галоўчанкі / sb.by
7 кастрычніка прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка сустракаўся ў доме афіцэраў з "прадстаўнікамі сілавога блока" для іх інфармавання "па пытаннях ваенна-палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сітуацыі". Ён заявіў, што ў 2022 годзе эканоміка Рб спазнала самую магутную санкцыйную атаку за ўсе гады незалежнасці.
"Мы пабудавалі трохузроўневую сістэму рэагавання, — расказваў сілавікам Галоўчанка, а яны штосьці з яго слоў нават запісвалі. — Першы ўзровень — у кожным ведамстве створаны свае штабы, якія вырашаюць галіновыя пытанні. Другі ўзровень — гэта аператыўна-сітуацыйны штаб Савета міністраў. За час яго працы выпрацавана і прынята каля 400 аператыўных рашэнняў. Трэці ўзровень — гэта ўрадавая камісія па супрацьдзеянні санкцыям, якая мае шырокія паўнамоцтвы ад кіраўніка дзяржавы, і разглядае любыя пытанні, якія звязаны з працай ва ўмовах санкцыях, нават якія супярэчаць дзеючаму заканадаўству".
Прэм'ер кажа, што на яго асабістым кантролі знаходзіцца праца больш за 150 прадпрыемстваў. Іх фінансавы стан адсочваецца "ў рэжыме анлайн".