Футбалісты і трэнеры мінскага “Дынама” дагэтуль не атрымалі заробак за красавік
Міністр спорту ўсё яшчэ незадаволены вынікам, але дазволіў пакінуць базу і даў выходны / "Динамо-Минск"
Міністр спорту Беларусі Сяргей Кавальчук да гэтага часу не даў каманду выплаціць заробак за красавік футбалістам і трэнерам мінскага “Дынама”. Чыноўнік незадаволены вынікамі і якасцю гульні, нягледзячы на тое, што каманда стабільна набірае ачкі ў чэмпіянаце.
Як паведамляе “Трыбуна”, 12 траўня на карткі футбалістаў павінны былі паступіць грошы, але па стане на 20 траўня ніхто не атрымаў ні капейкі. Як доўга працягнуцца такія “санкцыі”, у калектыве ніхто не ведае.
Аднак для гульцоў “Дынама” ёсць і добрыя навіны. Пасля перамогі над “Маладзечна” ў дзявятым туры з лікам 3:2 камандзе ўсё ж дазволілі пакінуць базу ў Стайках і жыць дома. А 19 траўня калектыву нават далі выходны дзень.