Freedom House: Беларусь — у спісе несвабодных краін

Сітуацыя са свабодай у інтэрнэце пагаршаецца шосты год запар. Пра гэта ў сваім штогадовым дакладзе сцвярджаюць праваабаронцы з амерыканскай арганізацыі Freedom House.
Два з трох карыстальнікаў інтэрнэту жывуць у краінах, дзе пад цэнзуру трапляе крытыка ўраду, вайскоўцаў ці кіруючай сямʼі краіны. 27% карыстальнікаў — гэта жыхары краінаў, дзе могуць пасадзіць за лайкі і рэпосты. У 38 краінах за год адбываліся арышты за запісы ў сацсетках. Рэйтынг складаўся за перыяд з чэрвеня 2015 года па травень 2016-га.
Найгорш сітуацыя са свабодай інтэрнэту выглядае ў Кітаі, Сірыі ды Іране. У спісе несвабодных краіны апынуліся таксама Беларусь, Расія, Казахстан, Кітай, Саудаўская Аравія, Турцыя, Узбекістан, Егіпет ды іншыя, адзначае Радыё "Свабода". Паступова пагаршаюцца справы ва Украіне, якая прызнаная часткова свабоднай. А, напрыклад, Эстонія трапіла ў лідэры рэйтынгу свабоды інтэрнэту разам з Ісландыяй.
Згодна з дакладам, у беларускім сегменце інтэрнэту сітуацыя са свабодай сёлета крыху палепшала. У 2015 годзе наша краіна мела 64 балы "несвабоды" (са 100 максімальных), сёлета Беларусь атрымала 62 балы — як у 2014 годзе. У 2011-2012 годзе Беларусь мела 69 балаў.