Фігурант справы “19 снежня” Дзмітрый Буланаў не можа самастойна хадзіць
10 сакавіка фігуранта справы “аб масавых беспарадках” Дзмітрыя Буланава перавялі ў шпіталь з “Валадаркі”.
Ён не мог нармальна хадзіць. Як паведаміла “Нашай Ніве” маці палітвязня, Клаўдзія Буланава, яе сыну пастаўлены дыягназ — паўторная рэўматычная ліхаманка. Нягледзячы на гэта, жанчыне па-ранейшаму адмаўляюць у праве пабачыць сына — усю інфармацыю аб яго стане яна атрымоўвае ад адваката.
Спадарыня Буланава ведае, што апошнім часам яе сын ужо не мог самастойна перасоўвацца і яму давалі адмысловыя лек, каб ён мог самастойна дайсці на сустрэчу з адвакатам.
Цяпер невядома, як доўга Дзмітрый Буланаў прабудзе у шпіталі. Лекаванне можа працягнуцца ад 4 да 6 тыдняў, аднак яго лёс залежыць ад волі следчых.