Еўрапейскія дыпламаты прыйшлі да будынка суда, каб падтрымаць палітвязня

Прадстаўнікі дыпламатычных місій каля будынка суда / facebook.com/EUinBelarus/
Еўрапейскія дыпламаты прыйшлі да будынка Мінскага гарадскога суда, каб падтрымаць палітвязня Ігара Ільяша. 21 лютага пачаўся разгляд яго справы (суддзя — Сяргей Кацэр). Ільяша абвінавачваюць паводле двух крымінальных артыкулаў: "дыскрэдытацыя Беларусі" і "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці".
"Свабода слова павінна быць гарантаваная. Журналістыка — гэта не злачынства, — піша прадстаўніцтва ЕС у Беларусі. — Цяпер у Беларусі за кратамі 39 супрацоўнікаў медыя. Усе палітычныя зняволеныя павінны быць вызваленыя неадкладна і безумоўна".
Да акцыі далучыліся прадстаўнікі дыпламатычных місій Аўстрыі, Чэхіі, ЕС, Фінляндыі, Бельгіі, Нідэрландаў, Швецыі, Славакіі і Вялікабрытаніі.
Пра затрыманне Ільяша стала вядома ў кастрычніку мінулага года. Сілавікі апублікавалі відэа, дзе журналіст кажа, што раней быў супрацоўнікам тэлеканала "Белсат", а апошнія гады працаваў фрылансерам і даваў інтэрв'ю СМІ, якія лічацца "экстрэмісцкімі фармаваннямі". Сілавікі называлі яго "шпіёнам".
Жонка Ігара Ільяша — палітзняволеная журналістка Кацярына Бахвалава (Андрэева). У 2020-м яны выдалі кнігу "Беларускі Данбас". Бахвалава знаходзіцца за кратамі з 15 лістапада 2020 года. Ёй прысудзілі 8 гадоў пазбаўлення волі, абвінаваціўшы ў "дзяржаўнай здрадзе".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.