Еўрапейскія дэпутаты заклікалі неадкладна вызваліць беларускіх палітвязняў
Пятнаццаць дэпутатаў — Еўрапарламента, Нямеччыны і Швейцарыі — выступілі з сумеснай заявай пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.
У ёй яны заклікалі беларускія ўлады "неадкладна і безумоўна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітзняволеных, а таксама ўвесці мараторый на смяротную кару".
Як адзначае БелаПАН, заява была прынятая напярэдадні Міжнароднага дня салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю і праваабарончым рухам Беларусі, які адзначаецца 4 жніўня. Ініцыятарам дакумента выступілі дэпутат Еўрапарламента Марак Мігальскі і швейцарска-нямецкая праваабарончая арганізацыя Libereco — Partnership for Human Rights.
Еўрапейскія дэпутаты нагадваюць, што ў Беларусі за кратамі знаходзяцца "як мінімум 12 палітычных зняволеных". Яны заклікаюць усе дзяржавы ЕС і еўрапейскіх палітыкаў "адмовіцца ад супрацоўніцтва з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі датуль, пакуль іх патрабаванні ў дачыненні да правоў чалавека застаюцца нявыкананымі".