ЕС прапанаваў Украіне сваю здзелку па доступе да "крытычна важных рэсурсаў"

Уладзімір Зяленскі і Стэфан Сежурнэ / AFP via Getty Images
ЕС прапанаваў Украіне сваю здзелку па доступе да "крытычна важных рэсурсаў". Пра гэта распавёў еўракамісар па прамысловай стратэгіі Стэфан Сежурнэ. Паводле яго слоў, прапанова прагучала падчас нядаўняй сустрэчы ў Кіеве кіраўнікоў Еўрасаюза, еўрапейскіх краін і Канады з украінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім, піша politico.eu.
Еўракамісар заявіў, што Украіна можа забяспечыць Еўропу 21 з 30 "крытычна важных матэрыялаў", у якіх ЕС мае патрэбу (пра якія менавіта рэсурсы ідзе гаворка, не ўдакладняецца). У той жа час ён падкрэсліў, што гэтае пагадненне можа быць "узаемавыгадным".
Як нагадвае hromadske.ua, раней старшыня Еўрапейскага Савета Антоніу Кошта запэўніваў, што краіны-чальцы ЕС не будуць патрабаваць ад Украіны ніякіх карысных выкапняў у абмен на наданне ёй дапамогі. У той жа час прэзідэнт ЗША Дональд Трамп анансаваў падпісанне амерыкана-ўкраінскага пагаднення аб выкапнях. Для гэтага ён збіраецца ў бліжэйшыя два тыдні сустрэцца з Уладзімірам Зяленскім. Мяркуецца, што Кіеў павінен пагадзіцца на стварэнне сумеснага са Злучанымі Штатамі фонду з правамі на распрацоўку нетраў. Трамп неаднаразова заяўляў, што ЗША хочуць атрымаць кампенсацыю за дапамогу, якую прадастаўлялі Украіне (аднак у Вашынгтоне і Кіеве называюць розныя лічбы).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.