Эксперт пра тое, за кошт чаго беларуская эканоміка зараз працуе “ў плюс”
Леў Львоўскій / Еўрарадыё
— За першыя чатыры месяцы 2021 года наша эканоміка ў рэальным выражэнні вырасла на 2,5%. Нечакана-негадана нават аптымістычныя прагнозы прэм'ер-міністра аказаліся занадта песімістычнымі, — заўважае ў стрыме Еўрарадыё старшы навуковы супрацоўнік BEROC Леў Львоўскі.
Традыцыйны лідар росту ВУП — сектар IT — у дадзены момант паказвае параўнальна невялікі рост. А на першы план выйшлі апрацоўчая прамысловасць (рост больш за 10%) і сектар ацяплення і энергетыкі.
— Апошнія паўгода наш экспарт расце небывалымі тэмпамі, прычым расце ў адрыве ад імпарту. Экспарт вырас амаль на 16%, а імпарт усяго на 10%. Гэта нетыповая для Беларусі сітуацыя, звязаная з тым, што цэны на прыродныя рэсурсы, якія мы экспартуем [у першую чаргу — калійныя ўгнаенні. — Еўрарадыё], цяпер моцна выраслі ў свеце. А здабыча калію — гэта здабыча калію, і не важна, вырашаецца ўсё ў краіне на рэферэндумах або кожнага чалавека забіваюць на выхадзе з шахты.
Санкцыі ў тым выглядзе, у якім іх увялі Еўрасаюз і ЗША, у гэты момант не з'яўляюцца сур'ёзнай пагрозай для ўладаў. Гэта таксама дазваляе чыноўнікам адчуваць сябе ўпэўнена.
— Пакуль што мы не бачым вялікіх эфектаў, але і не бачым вялікага жадання. Першыя пакеты еўрапейскіх санкцый у асноўным тычыліся кропкава людзей, кропкава — некалькіх прадпрыемстваў, такіх як "Сінезіс". Мы не ведаем, што будзе ў чацвёртым еўрапейскім пакеце. Складана сказаць, ці будуць там нейкія больш маштабныя эканамічныя санкцыі або не, — працягвае Леў Львоўскі. — Адміністрацыя Байдэна размарозіла старыя санкцыйныя спісы, якія адносяцца да беларускага нафтавіка. Але зноў жа — не да ўсяго.
Па словах эксперта, у гэтай сітуацыі верагоднасць чарговай дэвальвацыі невысокая.
— Пакуль што гэта не патрэбна. Цяпер усе дзеянні Нацбанка накіраваныя на недапушчэнне дэвальвацыі, на падтрыманне курсу беларускага рубля. І ў гэтым значна дапамагае знешнегандлёвае сальда. Нашы экспарцёры прывозяць сюды больш валюты, чым аддаюць нашы імпарцёры. Нацбанк нават змог трохі нарасціць валютныя рэзервы.