Дырэктарку фірмы з Баранавічаў вінавацяць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў
Упраўленне Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці завяршыла расследаванне крымінальнай справы 40-гадовай жыхаркі Баранавічаў. Яе вінавацяць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, службовым падлогу і падробцы дакументаў.
Следства мяркуе, што жанчына як дырэктар прыватнага прадпрыемства са студзеня 2011 года па верасень 2014-га ўхілялася ад выплаты падаткаў. З гэтай мэтай яна загадвала падначаленым афармляць фіктыўныя таварна-суправаджальныя дакументы і дадаваць іх у бухгалтарскі ўлік прадпрыемства. У дакументах былі фальшывыя звесткі пра набыцце сельскагаспадарчых культур у сялянска-фермерскай гаспадарцы, хоць фактычна такая прадукцыя не куплялася. Дзякуючы гэтаму жанчына ўхілілася ад выплаты падаткаў на суму больш за 45 тысяч рублёў.
Таксама следчыя заяўляюць, што фігурантка для атрымання крэдыту на спажывецкія патрэбы ў адным з банкаў выпісала сабе даведку з непраўдзівымі звесткамі пра памер заробку. Гэтую даведку яна аддала ў аддзяленне банка.
Абвінавачаная знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах. Шкоду яна кампенсавала часткова. На маёмасць жанчыны накладзены арышт на суму звыш 50 000 рублёў.
Крымінальная справа вывучаная пракурорам і накіраваная ў суд.