Дэйв Льюіс зацверджаны галоўным трэнерам хакейнай зборнай Беларусі

Выканкам Федэрацыі хакея Беларусі 12 снежня зацвердзіў канадскага спецыяліста Дэйва Льюіса на пасадзе галоўнага трэнера беларускай хакейнай зборнай. Рашэнне было прынятае адзінагалосна, паведамляе "Прессбол".

Пра тое, што Дэйв Льюіс, вядомы трэнер у НХЛ, з'яўляецца асноўным кандыдатам на пасаду галоўнага трэнера хакейнай зборнай Беларусі, у сераду паведаміла Федэрацыя хакея Беларусі. Напрыканцы тыдня ён мусіць прыляцець у Мінск для ўзгаднення кантракту. Цырымонія яго падпісання, а таксама прэс-канферэнцыя з удзелам Льюіса запланаваныя на панядзелак, 15 снежня, у штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Пачатак а 11-й гадзіне.

Дэйву Льюісу 61 год. У якасці абаронцы ён правёў у НХЛ больш за 1000 матчаў, выступаў за "Нью-Ёрк Айлендэрс", "Лос-Анджэлес Кінгз", "Нью-Джэрсі Дэвілс" і "Дэтройт Рэд Уінгз". Льюіс уваходзіў у трэнерскі штаб шэрагу клубаў НХЛ: "Дэтройт Рэд Уінгз" (1987-2006 гг.), "Бостан Бруінз" (2006-2007 гг.), "Лос-Анджэлес Кінгз" (2007-2008 гг.), "Караліна Харыкейнз" (2011-2014 гг.). Разам з "Крыламі" ён тройчы станавіўся ўладальнікам Кубка Стэнлі (1997, 1998, 2002). У 2010-2011 гадах Льюіс ачольваў нацыянальную хакейную зборную Украіны.

У 2009 годзе канадскі спецыяліст быў асістэнтам галоўнага трэнера зборнай Беларусі Глена Хэнлана, а ў 2010-м — Міхаіла Захарава.

Нагадаем, восенню сёлета галоўным трэнерам зборнай Беларусі быў Уладзімір Крыкуноў, які раптоўна пайшоў у адстаўку. Яму прапанавалі ачоліць каманду "Нафтахімік", а на сумяшчэнне ім пасадаў Федэрацыя хакея Беларусі не пагадзілася.

Усе трэнеры зборнай Беларусі:

Уладзімір Сафонаў — 1992 год

Андрэй Сідарэнка — 1993-1996

Анатоль Варывончык — 1996-2001

Уладзімір Крыкуноў — 2002-2003, 2014

Міхаіл Захараў — 2003-2005, 2009-2010

Глен Хэнлан — 2005-2006, 2009, 2013-2014

Курт Фрэйзер — 2006-2008

Эдуард Занкавец — 2010-2011

Кары Хейкіля — 2011-2012

Андрэй Скабелка — 2012-2013

Фота — epicmustaches.com