Дэкан факультэта замежных моў БрДУ не ведае ніводнай замежнай мовы?
Выключаная за Плошчу і нелаяльнасць студэнтка адкрыла невялікую таямніцу сваёй былой alma mater
Тое, што Сяргей Севярын, дэкан факультэта, дзе да выключэння вучылася Аліна Літвінчук, не ведае ніводнай замежнай мовы, стала вядома ў часе абмеркавання дэмакратычнымі актывістамі Брэста перспектыў пашырэння спісу чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Еўрапейскага Саюза.
Аліна Літвінчук: “Дык ён нам сам гэта шмат разоў гаварыў. Нават ганарыўся гэтым. Маўляў, яго задача ў тым, каб браць на працу настаўнікаў. І галоўнае гэта ягоны курс, методыка”.
Паводле звестак Брэсцкага аддзялення Свабоднага прафсаюза Беларускага, Сяргей Севярын на сходзе выкладчыкаў пасля яго прызначэння на пасаду некалькі гадоў таму гаварыў іншае. Маўляў, я да вас на годзік. Але ж затрымаўся.
Нагадаем, Аліну Літвінчук выключылі нібыта за нездадзены залік па педагогіцы. Але ад яе не хавалі, што дэкан “мае спіс” тых, хто ўдзельнічаў у Плошчы 19 снежня або неяк заўважаны ў нелаяльнасці, і Аліна Літвінчук у ім ёсць.