Давід Стулік: “У Еўрасаюза вялікія чаканні ад саміту Усходняга партнёрства ў Вільні”

Верагодна, што афіцыйны Мінск атрымае запрашэнне на Віленскі саміт “Усходняга парнёрства” — незалежна ад таго, выйдуць да лістапада на свабоду палітвязні ці не. Але прысутнасць афіцыйнага Мінска на Віленскім саміце “Усходняга парнёрства” ніякіх відавочных вынікаў для Беларусі мець не будзе.



Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказвае прэс-сакратар Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ва Украіне Давід Стулік.



Стулік: “ЕС гатовы да падпісання Пагаднення аб асацыяцыі з Украінай. І мы хацелі б бачыць падпісанне гэтай дамовы падчас гэтага саміту. Шпарка ў гэтым кірунку рухаюцца Грузія, Малдова і Арменія. Такія ж пагадненні паміж гэтымі краінамі і ЕС могуць таксама быць ратыфікаваныя падчас віленскага саміту. На гэтым фоне Беларусь знаходзіцца ў значна “ніжэйшым” становішчы. І для таго, каб яна дасягнула такога ж узроўню, як пералічаныя краіны, Беларусь павінна вырашыць набалелыя пытанні – палітзняволеных, выбарчага працэсу і іншыя”.



Адзначым, што Пагадненне аб асацыяцыі спрашчае, у тым ліку, умовы гандлю з Еўрасаюзам. Акрамя яго практычна ўсе краіны-партнёры праграмы “Усходняе партнёрства” чакаюць ад саміту і далейшае спрашчэнне візавага рэжыму. Ужо сёння шэнгенскія візы для той жа Украіны каштуюць 35 еўра, а не 60, як для Беларусі. У перспектыве чакаецца адмена віз. Беларусь упарта адмаўляецца ад прапанаваных перамоваў па візавых пытаннях. Нібыта з-за таго, што адначасова ад Мінска патрабуюць падпісаць Дамову аб рэадмісіі — абавязанне прымаць дэпартаваных з ЕС грамадзян, якія трапілі туды з тэрыторыі Беларусі. Беларускія чыноўнікі заяўляюць, што ў нас няма фінансававых магчымасцяў утрымліваць і адпраўляць на радзіму ўсіх замежнікаў, што трапілі з Расіі ў ЕС праз Беларусь.



Тым не менш, упэўнены эксперт, пры жаданні Беларусь можа даволі хутка дагнаць іншыя краіны на шляху збліжэння з Еўрасаюзам. Дастаткова ўзяць на ўзбраенне той досвед, якія ўжо маюць Украіна, Малдова, Грузія ды іншыя краіны Усходняга партнёрства на шляху да падпісання як Пагаднення аб асацыяцыі, так і Дамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму. Праўда, удакладняе Давід Стулік, для гэтага неабходна адмовіцца ад “выбарачнага правасуддзя”, зладзіць свабодныя і сумленныя выбары, а таксама правесці неабходныя палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя рэформы.