Цяжка захварэў архіепіскап Арцемій, які ў 2020-м выступіў супраць гвалту
Архіепіскап Арцемій / pokrovgrodno.org
Цяжка захварэў былы кіраўнік Гродзенскай епархіі архіепіскап Арцемій, які ў 2020-м выступіў супраць гвалту, паведамляе тг-канал "Хрысціянская візія".
У 2020 годзе пасля выбараў архіепіскап Арцемій быў адным з нямногіх іерархаў Беларускай праваслаўнай царквы, хто адкрыта асудзіў гвалт, які ўчыніла дзяржава: "Мы не гаворым, якая там палітыка, які палітык, якая ўлада. Мы гаворым аб тым, што чыніцца беззаконне. Нашы людзі проста звярэюць і раздзіраюць сваіх жа братоў".
Увесну 2021-га Арцемій зноў выказаўся пра сітуацыю ў краіне і заявіў, што "ісці шляхам прыстасаванства — гэта шлях самазнішчэння". Ён гаварыў пра тое, як дзяржава ўмешваецца ў царкоўныя справы: "Царства свету гэтага жадае бачыць у царкве толькі ідэалагічна-палітычны апарат, падуладны яе механізму".
У выніку ўлетку 2021-га яго вызвалілі ад пасады і адправілі на пенсію. Пасля звальнення Арцемія царкоўныя ўлады правялі ідэалагічную "чыстку" Гродзенскай епархіі.
Пасля шырокамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну Арцемій асудзіў дзеянні Расіі.