Актывісткі ствараюць Асацыяцыя палітзняволеных жанчын

Кадр з дакументальнага фільма "Дэбют"

Кадр з дакументальнага фільма "Дэбют" / PervajaKinoVideo Company

Беларускі ў эміграцыі ствараюць Асацыяцыю палітзняволеных жанчын. Пра гэта распавяла грамадзянская актывістка і экс-палітзняволеная Алана Гебрэмарыям падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню палітвязня. 

"На жаль, жаночы кантэкст адрозніваецца ад мужчынскага. Умовы ўтрымання ў жаночых калоніях адрозніваюцца ад мужчынскіх, і для адвакацыі вызвалення людзей і падняцця пытанняў пра ўмовы ўтрымання трэба гаварыць асобна пра жанчын, іх стан, пра тое, што яны перажываюць, і пра вызваленне. Гэтым мы будзем займацца ў Асацыяцыі", — падкрэсліла Гебрэмарыям.

Актывістка ўдакладніла, што не будзе кіраваць Асацыяцыяй, а сама арганізацыя будзе абапірацца на вопыт ініцыятывы "Палітвязынка", якая прыпыніла працу ў пачатку красавіка.

Гебрэмарыям распавяла Еўрарадыё, што Асацыяцыя будзе абараняць правы палітзняволеных жанчын, кансультаваць вызваленых, дапамагаць бацькам палітзняволеных, а таксама займацца адвакацыяй вызвалення.

"У нас зараз няма дакладнай назвы і структуры, але ёсць жаданне працаваць. Мы даўно планавалі гэта зрабіць, але доўга адкладвалі па розных прычынах <...> Вялікая колькасць публічных палітвязынак хочуць удзельнічаць у гэтым. І хутчэй за ўсё кіраваць будзе не канкрэтны чалавек, а блок — супольная кааліцыя, каб рашэнні прымаліся гарызантальна".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.