Ціханоўская заявіла, што парламент у Беларусі — "гэта фарс і цырк"
У Беларусі падчас рэпрэсій беларусы моўчкі слухаюць прапагандыстаў і "кандыдатаў" / glusk.by
Парламент у Беларусі — "гэта фарс і цырк", заявіла кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская ў інтэрв'ю greeneuropeanjournal.eu. У аўторак у РБ якраз пачынаецца "датэрміновае галасаванне на выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы дэпутатаў" ("адзіны дзень галасавання" прызначаны на 25 лютага). Ціханоўская патлумачыла еўрапейскаму чытачу, што выбараў у нашай краіне насамрэч няма.
"Рэжым кажа пра выбары, якія не маюць нічога агульнага з дэмакратыяй, — гаворыць Святлана Ціханоўская. — Лідары апазіцыйных партый у турме, паўмільёна чалавек былі змушаныя бегчы з краіны. За кратамі тысячы палітвязняў, няма незалежных СМІ, НДА стаяць на каленях. Як у такой рэальнасці можна гаварыць пра сумленныя выбары?".
Ціханоўская падкрэсліла, што "беларусы ўнутры краіны ненавідзяць гэты рэжым", але пакуль "яны не могуць адкрыта заявіць пра гэта".