Ці гатовыя прадпрыемствы адпраўляць ва ўніверсітэты “мэтавікоў”?

“Раней мэтавае навучанне было рашэннем кадравых пытанняў для тых ці іншых галін або рэгіёнаў і адначасова прадугледжвала сацыяльную падтрымку сельскага насельніцтва, таму што ўдзельнічаць у мэтавым наборы маглі толькі маладыя людзі з сельскай мясцовасці. Цяпер у конкурсе могуць удзельнічаць любыя абітурыенты незалежна ад месца пражывання. Важна, каб былі выкананыя ўмовы трохбаковага пагаднення, якія задавальняюць і абітурыента, і ВНУ, і працадаўцу”, — расказвае міністр адукацыі Сяргей Маскевіч на прэс-канферэнцыі па новых правілах прыёму.

У ВНУ на мэтавае навучанне сёлета хочуць набраць да 40% студэнтаў. Яны змогуць бясплатна вучыцца, а пасля адпрацоўваць не два гады, а пяць. Адпраўляць на такое навучанне цяпер могуць і прыватныя кампаніі.

Цікавімся на прадпрыемствах: ці знайшлі сабе спецыялістаў сярод школьнікаў?

“У нас на мэтавае навучанне толькі ў прафесійна-тэхнічныя ўстановы накіроўвалі. А цяпер, пасля зменаў у правілах паступлення, мы прапрацоўваем, але пакуль нічога не вырашылі”, — кажуць у аддзеле кадраў МАЗа.

На прыватным “Амкадоры” нават не думалі аб тым, каб падрыхтаваць сабе спецыялістаў.

“Мы гэта не практыкуем. І не думалі нават, каб цяпер кагосьці адпраўляць”, — здзіўляюцца на прадпрыемстве.

Накіроўваў некалькі абітурыентаў на навучанне завод “Інтэграл”, але даўно.

“Мы агітуем цяпер, каб у наш каледж паступалі, а каб мэтавае навучанне… Мы толькі збіраемся гэтым займацца, але пакуль па старой сістэме працуем”, — адказваюць на прадпрыемстве.

Па “старой сістэме”, нагадаем, на мэтавае навучанне можна было паступіць, калі ты з вёскі ці невялікага горада.

Летась у БДУ паступілі толькі два дзясяткі “мэтавікоў”. І гэта на некалькі тысяч першакурснікаў.

“Мэтавае навучанне будзе грунтавацца на заяўках ад прадпрыемстваў, калі іх не будзе, то не будзе і такіх студэнтаў. Зразумела, што могуць быць заяўкі ад Мінабароны, ад сельскай гаспадаркі, а на менеджмент, ці могуць быць заяўкі”, — кажуць у БДУ.

Раней на мэтавае навучанне прымалася толькі траціна абітурыентаў па некалькіх спецыяльнасцях з гарадоў, дзе жыве менш за 20 тысяч чалавек. Цяпер на мэтавае хочуць набіраць 60% на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці і 40% — на ўсе астатнія.

Фота: ehu.lt