"Чый Крым?" Ціханоўскі адказаў на абвінавачванні ў прарасійскай пазіцыі

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі / LRT
Палітвязень Сяргей Ціханоўскі кажа, што ніколі не быў прарасійскім палітыкам. Але меў бізнес і ў Беларусі, і ў Расіі, і ва Украіне.
"Я магу паўтарыць: наш агульны вораг — Пуцінская ўлада. Пакуль яна там не рухне, у Беларусі не можа быць перамогі", — сказаў Ціханоўскі.
Ён патлумачыў, чаму ездзіў у Крым пасля таго, як украінскі паўвостраў быў акупаваны Расіяй.
"Я праваслаўны хрысціянін, і сябра запрасіў мяне ў паломніцкую вандроўку. Я тады працаваў у Маскве. Я на адзін дзень з ім паехаў", — кажа Ціханоўскі.
Ён прызнае, што тады не займаўся палітыкай і не задумваўся пра тое, што такая паездка можа быць негатыўна ўспрынята.
"Крым — гэта тэрыторыя Украіны, і тыя прэтэнзіі, якія Расія зараз прад'яўляе — я гэта не падтрымліваю. Я абсалютна падтрымліваю Украіну, і прэзідэнт Зяленскі — яму выпала настолькі цяжкае... Тое, што я перажыў — лухта ў параўнанні з тым, што ён перажывае цягам гэтых гадоў. Я яго падтрымліваю абсалютна, ён для мяне герой", — кажа Ціханоўскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.