Браты Касціцыны хочуць вярнуцца ў НХЛ

Нападнікі зборнай Беларусі па хакеі браты Андрэй і Сяргей Касціцыны маюць намер вярнуцца ў НХЛ. Пра гэта яны распавялі канадскаму выданню Journal de Montreal.
Кантракт Касціцына-старэйшага з "Сочы" скончыўся. Андрэй кажа, што для вяртання за акіян ён мусіць правесці чэмпіянат свету на высокім узроўні. Ён з радасцю б вярнуўся ў “Манрэаль”, па якім сумуе. Касціцын-старэйшы дадае, што ў мінулым нарабіў шмат памылак, але цяпер змяніўся і стаў больш дасведчаным.
У адрозненні ад брата ў Сяргея Касціцына яшчэ 1 год дзейнічае кантракт з расійскім клубам “Тарпеда”. Але ў пагадненні ёсць опцыя, паводле якой ён можа пакінуць клуб ужо гэтым летам. “Я не імкнуся атрымаць лепшы кантракт у КХЛ, я накіраваны трапіць у НХЛ,” — сказаў Сяргей Касціцын.