Больш за 70 чалавек затрымалі ў Беларусі па справе дроп-сэрвісу
Банкаўскія карткі / pixabay.com
Па крымінальнай справе злачыннай сеткі па незаконным абароце сродкаў плацяжу ў Беларусі затрымалі больш за 70 чалавек, паведамляе Следчы камітэт.
Кіраўніком групы называюць 25-гадовага мінчука. Ён стварыў у Мінску і абласных цэнтрах разгалінаваную сетку, у якую ўваходзіла больш за 25 чалавек. Яны аказвалі паслугі па незаконным абароце плацежных сродкаў. Таксама ў злачынную групу ўваходзілі больш за 50 "драпаводаў", якія афармлялі на падстаўных асоб банкаўскія карткі, абаненцкія нумары сотавай сувязі і фэйкавыя акаўнты на розных рэсурсах і інтэрнэт-пляцоўках.
Група дзейнічала з 2020 года. Яны атрымлівалі незаконны доступ да разліковых і гульнявых рахункаў, віртуальных гаманцоў людзей. Таксама ўдзельнікі групы займаліся "супрацьпраўным стварэннем і перапродажам уліковых запісаў у мэсэнджарах, у бэтынгавых кампаніях і на розных інтэрнэт-рэсурсах", заяўляюць у СК.
Паслугамі гэтай групы карысталіся іншыя зламыснікі. З дапамогай дроп-сэрвісу яны выводзілі злачынныя даходы. Для гэтага яны выкарыстоўвалі больш за 1700 падстаўных асоб, так званых "дропаў". Гэта былі як жыхары Беларусі, так і іншых краін. На іх імя афармляліся банкаўскія плацежныя карткі, гульнявыя рахункі, віртуальныя кашалькі і сім-карты.
Паводле звестак следства, зламыснікі незаконна прадалі больш за 4000 рэквізітаў плацежных картак банкаў Беларусі, Расіі, Казахстана, Таджыкістана, Грузіі дыі іншых краін, а таксама гульнявых рахункаў розных букмекерскіх кантор і віртуальных гульнявых устаноў.
У СК заяўляюць, што сярод затрыманых па гэтай справе — арганізатар і кіраўнікі злачыннай дзейнасці, якіх узялі пад варту. Аператыўнікі правялі больш за 100 ператрусаў, падчас якіх канфіскавалі грошы, крыптавалюту "ды іншую маёмасць, набытую злачынным шляхам".