Бізнэсмен Сяргей Ісаеў выкупіў штотыднёвік "БелГазета"

Бізнэсмен Сяргей Ісаеў выкупіў рускамоўны штотыднёвік "БелГазета", недзяржаўнае выданне, якое выходзіць у Мінску з 1995 года (спачатку пад назвай "Белорусская газета"). Як піша "Ежедневник", уладальнік кампаніі "ГЦ Снамі" валодае 75% долі кантрольнага пакета, якія раней былі ў расійскага "Выдавецкага дома "Комсомольская правда". Для іх набыцця яму давялося атрымаць дазвол у Нацбанку Беларусі. Аб'ём здзелкі Ісаеў не назваў, ён спаслаўся на камерцыйную таямніцу.

25% "БелГазеты" застаецца ў руках аднаго з яе заснавальнікаў Ігара Высоцкага.

Бізнэсмен Сяргей Ісаеў кажа, што ён хоча захаваць вядомы брэнд, які нядаўна выпусціў 1000 нумар. У праект ужо пайшлі інвестыцыі і ён спадзяецца атрымаць прыбытак. Ісаеў плануе захаваць папяровую версію газеты і паралельна праз два месяцы запусціць абноўленае выданне ў інтэрнэце.