Беларускія заводы перапраўлялі ў РФ імпартныя станкі, на якіх робяць ракеты

Гандлёвы дом "Беларускія станкі" / yandex.com
Беларускія прадпрыемствы імпартавалі замежныя станкі для расійскага Воткінскага завода, каб павялічыць вытворчасць ракет "Іскандэр" і балістычных ракет.
Гэта высветлілі ўкраінскія журналісты, якія атрымалі доступ да ўнутраных аперацый Воткінскага завода, заўважыла Радыё "Свабода". Яны высветлілі кампаніі-пасярэднікі, якія прывезлі ў РФ абсталяванне на 11 мільёнаў долараў. Як піша выданне The Kyiv Independent, удалося выявіць больш за 10 кантрактаў заводу на пастаўку дзясяткаў імпартных станкоў, прызначаных для апрацоўкі металу — фрэзэрных, такарных і шліфавальных.
Пастаўкамі з Беларусі займаліся тры прадпрыемствы — Гомельскі завод станкоў і вузлоў, гандлёвы дом "Беларускія станкі" (афіцыйны дылер станкабудаўнічых заводаў Беларусі, зарэгістраваны ў Смаленску) і "Гефест".
Воткінскі завод — стратэгічны дзяржаўны аб’ект, які абслугоўвае расейскія ядзерныя сілы. Дзякуючы пастаўкам прадпрыемства апсля 2022 года наняло 2500 новых работнікаў, пабудавала два новыя цэхі і ўкараніла сучаснае абсталяванне. Гэта ў сваю чаргу дазволіла значна павялічыць вытворчасць ракет, у тым ліку балістычных ракет "Іскандэр-М" з далёкасцю ўдару да 500 км. Расіяне ўсё часцей абстрэльваюць Кіеў ды іншыя ўкраінскія гарады менавіта гэтымі ракетамі.
Таксама паведамляецца, што на Воткінскім заводзе вырабляюцца міжкантынентальныя балістычныя ракеты, здольныя дастаўляць ядзерныя боегалоўкі праз кантыненты. У іх ліку называюцца ракеты "Ярс", "Булава" і "Арэшнік".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.