Беларускія НПЗ выдаткуюць мільёны на абарону ад дронаў
Рэзервуар на Мазырскім НПЗ / mztmk.by
На антыдронную абарону нафтавых рэзервуарных паркаў "Мазыр" і "Наваполацк" мяркуецца выдаткаваць каля 15 мільёнаў рублёў (амаль 5 млн долараў). Пра гэта крыніца, знаёмая з дзейнасцю ААТ "Гомельтранснафта Дружба" — прадпрыемства, якое валодае рэзервуарамі, — распавяла "Флагштоку". У публічных крыніцах інфармацыя пра гэтую закупку адсутнічае.
Рэзервуарныя паркі ў Мазыры і Наваполацку мяжуюць з нафтаперапрацоўчымі заводамі (ААТ "Мазырскі Нафтаперапрацоўчы Завод" і ААТ "Нафтан" каля Наваполацка). Упершыню ўлады задумаліся пра іх абарону пасля нападу на расійскі самалёт у Мачулішчах у сакавіку 2023 года. Мазырскі НПЗ тады вырашыў закупіць сістэму назірання за беспілотнікамі. Афіцыйная мэта закупкі — маніторынг палётаў БПЛА, якія "пагражаюць бесперапыннасці тэхналагічных працэсаў" на МНПЗ.
Па ўмовах дзяржзакупкі завод гатовы быў аддаць 1 млн 700 тысяч рублёў (каля $600 тысяч) за сістэму, якая зможа знаходзіць беспілотнікі пры дапамозе аптычных, лазерных, радыёлакацыйных тэхналогій і месца размяшчэння пульта БПЛА. Аднак тады гэты закуп не адбыўся "з прычыны змянення тэхнічнага задання прадмета закупкі". Новых закупак на публічных сэрвісах анлайн закупак МНПЗ не абвяшчаў.