Беларускі МЗКЦ трапіў у 17-ы пакет санкцый ЕС супраць Расіі

Мінскі завод колавых цягачоў

Мінскі завод колавых цягачоў / sb.by

Еўрасаюз зацвердзіў сямнаццаты пакет санкцый супраць Расіі. У яго ўвайшлі больш за 130 асобных санкцый, пад якія трапілі ў тым ліку расійскі ваенна-прамысловы комплекс, "ценявы флот" РФ, пастаўшчыкі санкцыйных тавараў з трэціх краін у Расію, а таксама распаўсюднікі прапаганды і дэзінфармацыі.

Пад санкцыі трапілі і юрыдычныя асобы з трэціх краін, у тым ліку з Беларусі. У прэс-рэлізе еўрасавета адзначаецца: "ЕС таксама працягвае вырашаць праблему падтрымкі з боку трэціх краін, дадаўшы тры кітайскія прадпрыемствы, уключаючы дзяржаўныя, — беларускае і ізраільскае, якія пастаўляюць найважнейшыя кампаненты для расійскіх вайскоўцаў, у тым ліку для вытворчасці беспілотнікаў".

Пад еўрапейскія санкцыі трапіў Мінскі завод колавых цягачоў (МЗКЦ), удакладняецца ў Афіцыйным часопісе ЕС. Паводле звестак Еўрасаюза, прадпрыемства толькі ў 2024 годзе экспакртавала на патрэбы расійскага ВПК 306 вагонаў вайсковай тэхнікі. І сёлета экспарт вайсковай тэхнікі ў Расію працягваецца.

"Такім чынам, Мінскі завод колавых цягачоў аказвае матэрыяльную падтрымку расійскаму вайскова-прамысловаму комплексу і ўраду Расійскай Федэрацыі, які нясе адказнасць за анэксію Крыма і дэстабілізацыю Украіны", — адзначаюць у Еўрасаюзе.

Дарэчы, МЗКЦ ужо знаходзіцца пад санкцыямі ЕС. Іх увялі ў снежні 2020 года за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.