Беларуская армія абвясціла вучэнні ў Брэсцкай вобласці з 26 па 28 чэрвеня
Дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч з прадстаўнікамі тэрабароны Глівінскага сельсавета / Міністэрства абароны
Камандна-штабныя вучэнні беларускай арміі пройдуць у Брэсцкай вобласці "ў рамках збору з ваеннаабавязанымі тэрытарыяльных войскаў Лунінецкага раёна". Яны запланаваныя на 26-28 чэрвеня.
— Мэта вучэння — удасканаленне навыкаў службовых асоб воінскіх частак па кіраўніцтву падначаленымі, а таксама навучанне асабістага складу падраздзяленняў тэрытарыяльных войскаў выкананню сваіх абавязкаў пры вырашэнні задач тэрытарыяльнай абароны, — піша прэс-служба Мінабароны.
На вучэннях будуць ваеннаабавязаныя, прызваныя з запасу на штатныя пасады, а таксама "атрад народнага апалчэння, створаны з добраахвотнікаў раёна".
— Падчас вучэння будуць адпрацоўвацца пытанні аховы і абароны аб'ектаў ТэрА [тэрабароны. — Еўрарадыё], барацьбы з дыверсійна — разведвальнымі групамі ўмоўнага праціўніка, забеспячэння мер ваеннага становішча, у тым ліку з ужываннем атрада народнага апалчэння, — заключае Мінабароны.