Беларус 12 гадоў даказваў, што не ўяўляе пагрозы Польшчы
Павел Юшкевіч / Фота са старонкі Паўла Юшкевіча ў Facebook
Беларус Павел Юшкевіч 12 гадоў даказваў, што не ўяўляе пагрозы Польшчы. І даказаў. У пачатку 2025-га ён нарэшце атрымаў польскае грамадзянства, піша mostmedia.io.
Юшкевіч жыве ў Польшчы з 17 гадоў. Ён меў дазвол на жыхарства з 2008-га. У 2011-м гродзенец падаваў дакументы на атрыманне грамадзянства, але польскія спецслужбы палічылі яго "пагрозай нацыянальнай бяспецы". У канцы 2023-га Паўла Юшкевіча пазбавілі дазволу на жыхарства на падставе рашэння 11-гадовай даўніны. Яму пагражала дэпартацыя. Спецслужбы змянілі меркаванне ў лютым 2024 года. Летась яму вярнулі пастаянны від на жыхарства. Беларус лічыць, што гэта звязана з падтрымкай польскай і беларускай грамадскасці.
"Я адчуў вялікую радасць, палёгку і разуменне, што ўсе мае праблемы нарэшце падышлі да канца, — кажа Юшкевіч у каментары тэлеканалу TVP3. — ...Змагаўся я, змагаліся мае знаёмыя і неабыякавыя людзі, якія супраціўляліся такому стану рэчаў. Гэта каштавала мне вельмі дорага. Думаю, што наступствы для здароўя буду адчуваць доўга, але мае значэнне гэты шчаслівы канец".