Баі ў Севераданецку і контрнаступленне ў Херсонскай вобласці — 98-я раніца вайны
Вайна ва Украіне працягваецца ўжо 98 дзён / facebook.com/zelenskiy.official
Расіяне ўвайшлі ў цэнтральныя раёны Севераданецка, адкрылі агонь па заводзе "Пралетар" і аб'яднанню "Азот", піша раніцай у сераду кіраўнік Луганскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай.
Пра яго слоў, расійскія вайскоўцы "замацоўваюцца ў цэнтры Севераданецка, пры гэтым працягваючы разбураць інфраструктуру і аб'екты прамысловасці". Акрамя таго, войскі РФ спрабуюць выцесніць украінскія падраздзяленні з займаных пазіцый у раёнах Белагораўкі і Ўрубаўкі.
Расіяне засяродзіліся на захопе Севераданецка, але гэта стварае для іх пэўную слабасць у Херсонскай вобласці, дзе працягваюцца ўкраінскія контрнаступленні. Так лічаць эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны.
Яны нагадваюць, што Херсон — гэта адзіны раён Украіны, у якім расійскія войскі ўтрымліваюць пазіцыі на Заходнім беразе ракі Дняпро.
"Калі Расія зможа захаваць моцны плацдарм у Херсоне, калі баявыя дзеянні спыняцца, яна апынецца ў вельмі моцнай пазіцыі для пачатку будучага ўварвання. З іншага боку, калі Украіна верне сабе Херсон, Украіна будзе ў значна больш моцнай пазіцыі, каб абараніць сябе ад будучага нападу Расіі", — адзначаюць у Інстытуце.
Украінскія вайскоўцы гэта разумеюць, лічаць эксперты Інстытута. У тым ліку таму яны пайшлі на складанае рашэнне не выдзяляць больш рэсурсаў для выратавання Севераданецка і сысці адтуль.
Украіна павінна выкарыстоўваць свае рэсурсы і засяродзіцца "на аднаўленні крытычнай мясцовасці, а не на абароне тэрыторыі, кантроль над якой не будзе вызначаць зыход вайны або ўмовы для аднаўлення вайны", адзначаюць эксперты Інстытута.
Акрамя таго, амерыканскія эксперты пішуць пра планы расіян выкарыстаць беларускія запасы тэхнікі. Яны спасылаюцца на паведамленне Генштаба УСУ аб тым, што танкі і баявыя машыны пяхоты зараз перамяшчаюцца з беларускіх складоў у Расію. Гэта робіцца для папаўнення баявых страт.
Тым часам адміністрацыя прэзідэнта ЗША Джо Байдэна сёння можа абвясціць аб адпраўцы ва Украіну высокатэхналагічных ракетных сістэм сярэдняй далёкасці (HIMARS), піша AP. Гэта ракеты, якія могуць пераадольваць адлегласць у 70 км. Мяркуецца, што Украіна зможа выкарыстаць гэтыя сістэмы на Данбасе. Праўда, не адразу — яшчэ трэба навучыць ўкраінскіх вайскоўцаў працы з імі. Навучанне можа доўжыцца да 2 тыдняў.
УСУ не маюць намеру атакаваць тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, у тым ліку з выкарыстаннем амерыканскімі РСЗА, як пра гэта кажуць у Маскве. Аб гэтым заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі у інтэрв'ю амерыканскаму выданню Newsmax.
"Мы не збіраемся нападаць на Расію. Мы не зацікаўленыя ў Расійскай Федэрацыі, не змагаемся на яе тэрыторыі", — падкрэсліў ён. Зяленскі таксама распавёў, што ў гэтай вайне кожны дзень гінуць 60-100 украінскіх вайскоўцаў, яшчэ прыкладна 500 атрымліваюць раненняў. Жарналіст спытаў яго і пра магчымасць перамоваў. "Перамовы маглі б адбыцца, але павінен быць сэнс, павінна быць гатоўнасць з боку Расіі правесці гэтыя перамовы", — сказаў украінскі прэзідэнт.
ZELENSKYY: "Negotiations could be there but there has to be a sense, there has to be a willingness on the part of Russia to have those negotiations. So we are not ready to accept any ultimatums." @SchmittNYC. pic.twitter.com/3C7NcnoJmB
— Newsmax (@newsmax) June 1, 2022
Ва Украіне зараз расследуецца каля 15 тысяч спраў аб ваенных злачынствах. Ужо ўстаноўлены каля 600 падазраваных. Гэта ў тым ліку прадстаўнікі вышэйшага ваеннага і палітычнага кіраўніцтва Расіі і расійскія прапагандысты. Пра гэта паведаміла генпракурор Ірына Венедыктава падчас візіту ў Гаагу, піша "Громадське".
Па словах Венедыктавай, украінскія праваахоўнікі штодня распачынаюць 200-300 крымінальных спраў аб ваенных злачынствах. Частка іх тычыцца падзей на ўсходзе Украіны. Да прыкладу, пракуроры расследуюць магчымую дэпартацыю людзей, у тым ліку дзяцей, у Расію. Таксама расследуюцца катаванні, забойствы грамадзянскіх і разбурэнне грамадзянскай інфраструктуры. У расследаванні гэтых крымінальных спраў украінскім следчым дапамагаюць калегі з Эстоніі, Латвіі, Славакіі, Польшчы і Літвы.