Бацькі аднакласнікаў старэйшай дачкі Міхалевіча гатовыя паручыцца за яго

Бацькі адзінагалосна вырашылі скіраваць хадайніцтва пра змену меры стрымання да былога кандыдата ў прэзідэнты. Адпаведныя лісты скіраваны ў пракуратуру і міліцыю.

Бацькі аднакласнікаў Лесі Міхалевіч таксама заявілі ў звароце пра сваю гатоўнасць выступіць асабістымі паручальнікамі Аляксея Міхалевіча. Гэтая працэдура магчымая толькі з дазволу самога Міхалевіча, таму бацькі просяць забяспечыць да яго доступ адваката, каб той мог дазнацца наконт паручальніцтва.

Свой подпіс пад хадайніцтвам паставілі мамы і таты з розных класаў гімназіі.

Экс-кандыдат цяпер знаходзіцца ў СІЗА КДБ — хоць ён не ўдзельнічаў у арганізацыі Плошчы.

Настаўнікі навучальнай установы да ініцыятывы не мелі дачынення. Бацькі вырашылі не падстаўляць іх пад удар, паведамляе "Наша Ніва".