Бацька Калеснікавай — пра сустрэчу з дачкой: "Пачувалася бадзёрай і прыгожай"
Аляксандр Калеснікаў / тг-канал Рамана Пратасевіча
Бацька Марыі Калеснікавай расказаў, як была арганізаваная сустрэча з дачкой у калоніі. Відэа з Аляксандрам Калеснікавым з’явілася ў канале Рамана Пратасевіча.
Ён паведаміў, Марыя падчас сустрэчы "пачувалася бадзёрай, прыгожай". Стан дачкі ў яго не выклікаў нейкай боязі, кажа Аляксандр Калеснікаў.
Мужчына расказаў, што гаварылі яны найперш пра сям’ю, сваякоў, сяброў. Разам з тым ён намякнуў пра нядаўнія памілаванні палітвязняў і, верагодна, намякнуў пра прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі: "Я пастараўся данесці да яе тыя змены, якія адбываюцца, і расказаць пра акно магчымасцяў, якое адкрылася, дзякуючы чаму і адбылася наша сустрэча. Яна сказала, што будзе разважаць, будзе думаць".
Бацька Калеснікавай выказаў спадзеў, што надалей адбудуцца змены, якія дазволяць больш кантактаваць з дачкой. "Я жадаю ўсім бацькам, якія ў такім жа становішчы, як і я, знаходзіць шляхі для таго, каб такія вось спатканні, такія сустрэчы сталі магчымымі. Для гэтага трэба шукаць дзверы, грукацца, і, я думаю, усё атрымаецца", — падсумаваў ён.
Пратасевіч паведаміў, што з просьбай пра сустрэчу Калеснікаў звяртаўся да Лукашэнкі. Вераемна, спатканне адбылося менавіта з яго санкцыі.
Між тым, згодна з законам спатканні вязняў са сваякамі мусяць адбывацца без Лукашэнкі і яго дазволаў. За год — тры кароткатэрміновыя і два доўгатэрміновыя. А ліставанне — увогуле без абмежаванняў.
Марыя Калеснікава была арыштаваная ў верасні 2020-га і асуджаная на 11 гадоў калоніі. Пакаранне яна адбывае ў гомельскай ПК-4. Апошні ліст ад яе родныя атрымалі 15 лютага 2023 года. Увесь гэты час да палітзняволенай не мог трапіць адвакат, ёй забароненыя пасылкі.