Амбасадар Украіны па асобых даручэннях па Беларусі сыходзіць у адстаўку

Ігар Кізім / Euroradio
Амбасадар Украіны па асобых даручэннях па Беларусі Ігар Кізім сыходзіць у адстаўку. Дыпламат піша, што гэта "заслужаны адпачынак з чыста асабістых меркаванняў".
"У кожнага чалавека надыходзіць момант, калі разумееш, што ўзрост бярэ сваё, і нельга аддавацца сваёй працы на 100%, — тлумачыць Кізім. — А я не магу працаваць па-іншаму, і нават у цяперашніх умовах лічу гэта несумленным у адносінах да службы, якой прысвяціў амаль усё сваё жыццё. Відавочна, што я не маю намеру кідаць усё і далучацца да "канапных пенсіянераў"... Што будзе далей — паглядзім... Дзякуй усім. Слава Украіне! Жыве Беларусь!"
Ігар Кізім адпрацаваў амбасадарам Украіны ў Беларусі з лютага 2017-га да чэрвеня 2023 года. Міністэрства замежных спраў Украіны прызначыла яго амбасадарам па асобых даручэннях па Беларусі ў пачатку мінулага года. Ён падтрымліваў дачыненні з беларускімі палітыкамі за мяжой, з добраахвотнікамі ва Украіне.
"Я не бачу магчымасці аднаўлення афіцыйных дачыненняў, як гэта было да поўнамаштабнага ўварвання, — кажа Ігар Кізім пра рэжым Лукашэнкі ў нядаўнім інтэрв'ю. — Бо ён не толькі падаў тэрыторыю Беларусі для расійскай агрэсіі супраць Украіны і стаў суагрэсарам, але і фактычна працягвае працаваць на расійскі АПК. Для нас галоўны арыенцір у адносінах з Беларуссю — гэта беларускі народ".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.