Аляксандра Герасіменя сыходзіць з Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці
Аляксандра Герасіменя сыходзіць з Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці. "Як бы шмат мы ні зрабілі, чаго б ні дасягнулі, спыняцца ўсё роўна нельга і трэба рухацца далей", — піша яна ў Facebook. Пра прычыны свайго рашэння і далейшыя планы Герасіменя абяцае распавесці "крыху пазней".
Аляксандра Герасіменя — трохразовая прызёрка Алімпійскіх гульняў у плаванні. Спартыўную кар'еру яна скончыла ў 2019 годзе. У 2020-м Герасіменя падтрымала мірныя пратэсты ў Беларусі і вымушана была выехаць за мяжу. Яна ўвайшла ў Свабоднае аб'яднанне спартсменаў Беларусі, ачоліла Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці (ён дапамагае спартсменам, якія пацярпелі за выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі).
Год таму стала вядома, што ў Беларусі на Аляксандру Герасіменю распачалі крымінальную справу за "заклікі да здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь...". Тады яна заявіла, што значыць усё робіць слушна.