"Адклала, завярнула ў пакецік, так і ляжаць": Ціханоўская пра грошы ад Лукашэнкі
Святлана Ціханоўская / кадр з выступу Ціханоўскай
Лідарка беларускіх дэмсілаў Святлана Ціханоўская не задавалася пытаннем пра тое, ці бяспечна было 5 гадоў захоўваць пакунак ад Аляксандра Лукашэнкі.
"Я прыехала ў Літву і ў мяне нават не было жадання ў некага пытаць, што з гэтым рабіць. Я адклала, завярнула яго ў пакецік, і вось ён так і ляжыць", — распавяла Ціханоўская падчас канферэнцыі "Новая Беларусь".
Увечары 6 жніўня прапагандысты паказалі сюжэт, у якім кіраўнік ААЦ Андрэй Паўлючэнка перадае Ціханоўскай скрутак. Кадры былі знятыя на схаваную камеру 10 жніўня 2020-га ў кватэры Ціханоўскіх. Лідарка дэмсіл сцвярджае, што ўсе 5 гадоў пасля выезду з Беларусі не дакраналася да скрутка і адкрыла яго толькі 6 жніўня 2025-га, пасля сюжэту АНТ. Паводле яе, там сапраўды быў канверт з 15 тысячамі еўра (а не доларамі, як казалі ў фільме прапагандыстаў).
"Мне нават здаецца, што нейкі гук быў накладзены потым. Я, канешне, была ў вельмі цяжкім стане, але не памятаю, як (Андрэй) Паўлючынка кажа: вось грошы, якія вы прасілі. Ну не памятаю ўвогуле. Але, канешне, тое, што паказана на відэа, мела месца. Калі я з'ехала, я адклада гэты пакунак як нешта гідкае, не хацела да яго дакранацца. Гэта мой асабісты сорам. Я чаму і не расказвала — мне здавалася, што я гэтым замазалася, і не хацелася пра гэта распавядаць", — сказала Ціханоўская журналістам падчас канферэнцыі "Новая Беларусь".
Раней яна не пацвярджала, але і не адмаўляла, што гэтыя грошы былі. Цяпер Ціханоўсекая прапануе людзям выбраць, што трэба зрабіць:
"Калі рэжым так турбуе лёс гэтых грошай, дык давайце разам вырашым, куды пойдзе гэты "данат ад Лукашэнкі". Беларускім добраахвотнікам? Сем'ям палітвязняў? На культурныя праекты?"