Абітурыенты здаюць матэматыку за 20 хвілін: першыя — спецназавец і механік
“Чэмпіёны” па здачы тэставання дзеляцца з Еўрарадыё сакрэтам хуткага рашэння задач.
На тэставанне па матэматыцы даюць 3 гадзіны, але ўжо праз 20 хвілін ад пачатку з аўдыторыі выходзяць першыя людзі. Школьнікаў мала: хтосьці пасля каледжа, камусьці “вышка” патрэбная па працы.
Першыя “чэмпіёны” па хуткасці ў здачы тэсту — хлопец у форме спецназа і выпускнік механічна-тэхналагічнага каледжа Андрэй. Спецназавец хоча паступіць у Акадэмію міліцыі, але да экзамена не рыхтаваўся. Андрэй прыехаў з Бабруйска і плануе стаць юрыстам.
“Складана было. Трэба было проста рыхтавацца, я не рыхтаваўся. Выпусціўся нядаўна, займаўся дыпломам”, — расказвае выпускнік каледжа і прызнаецца, што адказы збольшага ставіў наўгад.
Трэцяй “адстралялася” Даша, якая цяпер працуе барменам. Вучыцца збіраецца “для мамы”.
“Я скончыла школу 4 гады таму, не рыхтавалася. Затое я ведала першае заданне. Паступаць хацела куды заўгодна, для мамы. Каб дакумент на паліцу пакласці. Трэці раз ужо паступаю, летась балаў не хапіла”, — расказвае Даша.
У школе па матэматыцы ў яе было 6. Абітурыент Андрэй на тэставанне пайшоў адразу пасля школы, збіраецца ў Гандлёвы каледж. Марыць набраць 50 балаў са 100.
"Не рыхтаваўся з рэпетытарамі, на рэпетыцыйнае тэставанне не хадзіў. Самы першы з аўдыторыі выйшаў!” — дзеліцца Андрэй.
Наступны хуткасны матэматык — Вячаслаў. Ідзе паступаць, бо прызначылі начальнікам цэха на прадпрыемстве.
“Я заняў кіраўнічую пасаду, і цяпер трэба вышэйшая адукацыя. А школу я скончыў гадоў 10 таму. Напісаў крыжыкамі сваё імя ў бланку тэстаў. Ніяк не рыхтаваўся”, — тлумачыць Вячаслаў.
Куды паступаць, яму няважна. Галоўнае па балах прайсці. Першыя “сераднячкі”, тыя, хто рыхтаваўся і ўжо пераймаецца праз паступленне, выходзяць праз 1,5 гадзіны пасля пачатку экзамену.
“Апошняя частка тэста была складаная, некалькі заданняў, астатняе ўсё лічыў. З настаўнікамі ў школе займаўся і з рэпетытарамі раней”, — расказвае выпускнік мінскай школы Алесь, які збіраецца паступаць у БДУ.
І заўважае, што ў яго аўдыторыі яшчэ больш чым палова сядзіць над тэстамі, не выходзіць. Сапраўды, выдатнікі, як правіла, выходзяць пад канец экзамену.
Сёлета на цэнтралізаванае тэставанне зарэгістравалася больш за 105 тысяч абітурыентаў. Летась ахвочых паступіць ва ўніверсітэт было на 12 тысяч больш. Здаць матэматыку сёлета захацела 65 тысяч чалавек.
Фота: kudapostupat.by