Абітурыент: Калі ў школе ведаеш на 7, на тэставанні набярэш 70 са 100

Абітурыент БДУ Глеб Хлява разлічвае набраць на тэставанні па беларускай мове не менш за 60 балаў з сотні магчымых. Рыхтаваўся самастойна і толькі за месяц да экзаменаў браў рэпетытара. Найбольш складаныя для яго заданні — па пунктуацыі.

“Чакаў, што будзе завал. Але ўсё было добра. Галоўнае было супакоіцца. Акрамя пунктуацыі ўсё было добра, бо там больш заданняў на веданне вуснай мовы. У аўдыторыі было спакойна, заўваг нікому не рабілі, не выганялі”, — прыгадвае Глеб Хляба.

Школьных ведаў, на яго думку, цалкам хапае, каб здаць тэст. Справіўся менш чым за дзве адведзеныя гадзіны.

“Калі ў школе ты рэальна ведаеш на цвёрдую сямёрку, то можна напісаць лёгка на 70 балаў. Мне трэба 60-65 балаў. Але, можа, я і лепей напісаў. Адначасова цяпер падаецца, што вельмі дрэнна напісаў і вельмі добра”, — падсумоўвае Глеб, які збіраецца вывучыцца на праграміста-дызайнера ў БДУ.

Пераможца раённай алімпіяды па беларускай мове Аліса Сіняўская збіраецца паступаць на біёлага ў БДУ. Цяжкасцяў у тэсце яна не пабачыла, сутыкнулася толькі з сумнеўнымі момантамі. Дзяўчына рыхтавалася без рэпетытараў: у дзень рашала па адным тэсце.

“На пунктуацыю бываюць складаныя сказы, але разабрацца можна. Сказаць, што тэст вельмі складаны, нельга. За год я зрабіла ўсе тэсты, якія можна было знайсці”, - даводзіць Аліса.

Не абышлося на тэставанні і без кур’ёзаў: абітурыент запоўніў не свой тэст.

“Хлопец пераблытаў бланкі і пачаў запаўняць бланк свайго суседа. Адпаведна, той ужо не мог запаўняць. Але разабраліся, хлопцу вярнулі яго бланк, ён яго падправіў”, — расказвае Аліса.

“Найцяжэйшымі для мяне былі пытанні па сінтаксісе і марфалогіі. Пасля школы гэта не самы лёгкі тэст. Калі б была абітурыенткай, я б не напісала за 1,5 гадзіны, сядзела б больш”, — ацэньвае тэст філолаг Вольга, якая ўжо мае вышэйшую адукацыю і цяпер вырашыла праверыць веды.

Панікі сярод абітурыентаў на тэстах не было, але тое, што народ нервуецца, было заўважна, прыгадвае Вольга:

“Дзяўчаты некалькі разоў, яшчэ ў пачатку бегалі вадзічку піць. Таксама рабілі некалькі заўваг абітурыентам. Калі раздавалі тэсты, іх нельга было чытаць, пакуль усім не раздадуць, каб было справядліва. Але нікога не выганялі з тэсту”.

Беларускую мову сёлета збіраліся здаваць 25 тысяч абітурыентаў, паведамляюць у Мінадукацыі. 984 чалавекі не прыйшлі. З экзамену нікога не выганялі, у адрозненне ад тэставання па рускай мове, адкуль за парушэнні выдалілі 10 чалавек.

Фота: zn.by