15 лістапада адзначаецца Дзень пісьменнікаў у зняволенні

ПЭН-цэнтры і іх сябры па ўсім свеце адзначаюць гэты дзень, каб падвысіць інфармаванасць насельніцтва аб несправядлівым зняволенні і іншых формах агрэсіі ў дачыненні да пісьменнікаў з розных краін, узгадваючы тых, хто быў забіты, і выказваючы салідарнасць са зняволенымі і калегамі, якія знаходзяцца пад пагрозай.

Штогод камітэт "Пісьменнікі ў зняволенні" Міжнароднага ПЭН-клуба звяртае сваю ўвагу на пяць абуральных выпадкаў зняволення альбо пераследавання літаратараў, чые прыклады сімвалізуюць сабой усе тыя пагрозы і атакі, з якімі сутыкаюцца пісьменнікі і журналісты. Сёлета ПЭН-цэнтры ўсяго свету надаюць асаблівую ўвагу справам пяці пісьменнікаў і патрабуюць іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення, а таксама здымання з іх усіх высунутых абвінавачванняў.

Гэта паэт Д'ёдон Эно Мэёмэс з Камеруну, які адбывае цяпер сямігадовае пакаранне; журналістка Гао Ю з Кітаю (знаходзіцца пад вартай і чакае судовага працэсу); выкладчыца і паэтка з Ірану Махваш Сабет (20-гадовае зняволенне — за кратамі з 2008 году); журналіст Азімжон Аскараў (Кыргызстан) — пажыццёвае зняволенне; пісьменнік Нэльсан Агілера з Парагваю — асуджаны да 30 месяцаў турмы па абвінавачанні ў плагіяце рамана.

Напярэдадні Дня пісьменнікаў у зняволенні вядомыя аўтары з усяго свету адправілі лісты салідарнасці гэтым асобам.

Беларускі ПЭН-цэнтр з 1996 года з’яўляецца сябрам камітэта "Пісьменнікі ў зняволенні”, заснаванага ў 1960 годзе Асамблеяй дэлегатаў Міжнароднага ПЭН-клуба. У апошнія гады ў зняволенні знаходзіліся сябры Беларускага ПЭН-цэнтра Алесь Бяляцкі, Уладзімір Някляеў, Павел Севярынец, Аляксандр Фядута.