Зяленскі выступіў у ААН і абвінаваціў РФ у забойствах мірных грамадзян Украіны
5 красавіка на Саўбезе ААН разглядалася сітуацыя ва Украіне, а менавіта — зверствы расійскіх вайскоўцаў супраць мірнага насельніцтва. Генсек ААН Антоніу Гутэрыш сказаў, што ён ніколі не забудзе фотаздымкаў мёртвых целаў у Бучы. Ён шакаваны доказамі і іншых вайсковых злачынстваў, якія маглі здзейсніць расіяне ва Украіне.
На пасяджэнні па відэасувязі выступіў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. Ён абвінаваціў РФ у забойствах, згвалтаваннях мірных грамадзян Украіны. "Цяжка знайсці такое вайсковае злачынства, якое б акупанты там не здзейснілі, — гаварыў Зяленскі. — Расійскія вайскоўцы шукалі і мэтанакіравана забівалі кожнага, хто служыў нашай дзяржаве... Яны забівалі цэлыя сем'і — дарослых і дзяцей".
Украінскі прэзідэнт заявіў, што Расія, у тым ліку і праз прапаганду, свядома распальвае войны і нацыянальную нянавісць.
Пасля выступу Зяленскага ўдзельнікам пасяджэння быў паказаны відэаролік з шакуючымі кадрамі з Бучы і іншых украінскіх гарадоў.
Прадстаўнік Расіі ў ААН традыцыйна абвінаваціў у катаваннях і забойствах "украінскіх нацыстаў". РФ не прызнае, што яе вайскоўцы здзяйснялі ва Украіне вайсковыя злачынствы.
Уладзімір Зяленскі прапанаваў распусціць Саўбез ААН, калі ён нічога не можа зрабіць для міра.