Зяленскі следам за галоўнакамандуючым УСУ памяняў і начальніка Генштаба
Анатоль Баргілевіч / armyinform.com.ua
Уладзімір Зяленскі памяняў начальніка Генштаба. Гэта адбылося на наступны дзень пасля звальнення галоўнакамандуючага УСУ Валерыя Залужнага.
У сваім вечаровым звароце 9 лютага прэзідэнт Украіны заявіў, што замест генерал-лейтэнанта Сяргея Шапталы новым начальнікам Генштаба стане генерал-маёр Анатоль Баргілевіч. Па словах Зяленскага, новую кандыдатуру начальніка Генштаба яму параіў галоўнакамандуючы Аляксандр Сырскі.
Як распавядала Еўрарадыё, 8 лютага Зяленскі звольніў Залужнага з пасады галоўнакамандуючага УСУ і прапанаваў яму "надалей быць у камандзе".