Зяленскі — Еўрасаюзу: дзе шосты пакет антырасійскіх санкцый?
У панядзелак украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі па відэасувязі выступіў на пазачарговым саміце ЕС. На ім абмяркоўваецца "шматпакутны" шосты пакет антырасійскіх санкцый, у якім мусіла быць эмбарга на нафту з РФ.
"Я ўдзячны ўсім, хто прасоўвае шосты пакет [санкцый], імкнецца зрабіць яго эфектыўным, — гаварыў Зяленскі. — Аднак пакуль што чамусьці яго няма... І чаму вы залежыце ад Расіі, ад іх ціску, а не наадварот? Гэта Расія павінна залежаць ад вас!".
Прэзідэнт Украіны гаварыў, што яго здзіўляе сітуацыя, калі Расія "усё яшчэ можа зарабляць амаль мільярд еўра ў дзень, прадаючы энергарэсурсы", а яе банкі працягваюць працаваць з Еўропай і сусветнай фінансавай сістэмай.
"Я не абвінавачваю нікога з вас, уся віна за тое, што адбываецца — толькі на расійскай дзяржаве, — гаварыў у сваім выступе Уладзімір Зяленскі. — Але я ўпэўнены, што кожнаму з вас відавочна, што павінен бы быць прагрэс і ў санкцыях за гэтую агрэсію, і нам гэта вельмі трэба, і нам гэта вельмі дапаможа! Такі прагрэс, каб Расія пачала шукаць міру".
Украінскі прэзідэнт падкрэсліў, што ніякіх кампрамісаў за кошт тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту яго краіны "быць не можа".